Аскепкі

Аскепкі – сайт-спецыфічная інсталяцыя, якая была створаная ў галерэі Сталоўка XYZ у Мінску і зьвярталася да тэмы пераменаў у статусах прамысловых памяшканьняў і ператварэньня іх у прасторы для культурніцкай дзейнасьці. У працы спалучаецца рэфлексія на развіцьцё крэатыўнай эканомікі з адкрыцьцём на прамысловых плошчах новых установаў культуры і асабістая гісторыя аўтара, зьвязаная непасрэдна з месцам для якога створаная інсталяцыя, былой сталовай завода Калібр. Праз незапатрабаванасць, адміністрацыя прадпрыемства была вымушаная здаць яе ў арэнду, і неўзабаве ў памяшканьні паўстала галерэя, клуб, офісы культурніцкіх ініцыятываў, пачалі праводзіцца разнастайныя культурніцкія мерапрыемствы.

 
Праца падае рэфлексію на пазначаныя перамены і разам з тым спасылаецца на ўспаміны аўтара, які зь дзяцінства наведваў гэтую сталовую. Зварот да ўласнай памяці перакрыжоўваецца з алегорыямі эканамічнай і палітычныай сітуацыі ў краіне, дзе многія прамысловыя прадпрыемствы, якія збольшага знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці, ня ў стане мадэрнізаваць сваю вытворчасьць і вытрымліваць канкурэнцыю з замежнымі кампаніямі. Гэта вядзе да вымушаных мераў, арэнды, пры якіх новыя культурніцкія прасторы бачацца своеасаблівым дыягназам, сьведчаньнем эканамічнага заняпаду.

 
Аскепкі – гэта непасрэдны працяг сэрыі працаў з крышталём, у якім ключавым элементам ёсьць зварот да папулярнага ў Беларусі мему “крышталёвага сасуду”, своеасаблівага іранічнага азначэньня краіны, узятага з цытаты прэзідэнта Лукашэнкі, у якой ён параўноўвае Беларусь з крохкай вазай, якую “нясе… і баіцца разьбіць”. Крышталь у выглядзе крышталёвай вазы савецкай вытворчасьці зьяўляецца асноўным матэрыялам як усёй сэрыі цалкам, так і гэтай канкрэтнай працы, у якой выкарыстаныя відэа і матэрыялы, атрыманыя па выніку акцыі “На шчасьце!”, праведзенай 3 ліпеня 2016 на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

 
Інсталяцыя Аскепкі зьяўляецца чацьвертай і апошняй працай сэрыі.