Крэпасць Еўропа. Усходні бастыён

Тэрмін “Крэпасць Еўропа” паўстаў падчас Другой Сусветнай вайны і выкарыстоўваўся ў вайсковай прапагандзе як нацысцкай Нямеччыны так і саюзніцкіх сілаў. З аднаго боку, гаворка ішла пра ўмацаванне межаў падкантрольнай Вермахту тэрыторыі, з іншага – пра паспяховасьць атакаў авіяцыі на пазіцыі праціўніка на кантыненце ў перыяд да высадкі ў Нармандыі. Сёння гэты тэрмін найчасцей звязаны з іміграцыйнай палітыкай Еўрапейскага Звязу, а таксама сістэмай памежнага кантролю і цэнтраў часовага ўтрымання мігрантаў.

 
Адныя з найважнейшых дакументаў, падпісаных у пасляваенныя гады сталіся Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека (1948) і Жэнеўская канвенцыя аб статусе бежанцаў (1951). Падавалася б, высновы былі зробленыя, аднак, на жаль, і сёння гэтыя пагадненні не губляюць сваёй актуальнасці.

 
Па звестках праваабарончай установы “Human Constanta” на сённяшні дзень у беларускім Брэсце знаходзіцца ад 1 да 3 тысяч бежанцаў з Паўночнага Каўказу, пераважна з Чачні. Горад, які служыць для мігрантаў пунктам перасячэння мяжы на шляху ў ЕЗ, улетку 2016-га зрабіўся незапланаваным часовым прыпынкам для многіх сем’яў, чые заявы на атрыманне прытулку ў Польшчы не былі прынятыя. Штодня некалькі соцень бежанцаў сядаюць у цягнік Брэст – Тэрэспаль у спадзеве на тое, што гэтым разам ім не давядзецца вяртацца назад. Аднак з тых соцень на супрацьлеглым баку мяжы застаюцца толькі 10-15 чалавек. Адной з прычынаў такой сітуацыі можа быць прыход да ўлады ў Польшчы нацыянал-кансерватыўнай партыі Права і Справядлівасць, прадстаўнікі якой неаднойчы каментавалі міграцыйны крызіс у Брэсце ў рэчышчы правай рыторыкі.

 
Паводле меркавання праваабаронцаў, цяжкае становішча, у якім апынуліся ўцекачы, ня мае лёгкага вырашэння. У гэтых людзей невялікія шанцы трапіць у ЕЗ, але і вяртанне ў падпарадкаваную аўтарытарным парадкам Чачню застаецца небяспечным. Многія сем’і патраціўшы грошы на дзясяткі бясплённых паездак, цяпер ня маюць магчымасці здымаць кватэру і вымушаныя жыць на вакзале.

 
Праект “Крэпасць Еўропа. Усході бастыён” яднае ў сабе мастацкія і актывісцкія практыкі і зьяўляецца вынікам калабарацыі паміж групай мастакоў і куратараў, а таксама праваабаронцамі “Human Constanta”. Сэрыя партрэтаў Аляксандра Васюковіча паказвае бежанцаў з Чачні і іхны брэсцкі побыт, чаканне патрэбнага цягніка, якое зацягнулася, жыццё на здымнай кватэры ці на вакзале. Відэа Максіма Сарычава на сінтэззе актывізму і відэарту па сутнасці з’яўляецца дакументацыяй валантэрскай актыўнасці. Аляксей Талстоў аналізуе выказванні польскіх афіцыйных асобаў, бежанцаў і праваабаронцаў і стварае на іх аснове самастойны тэкставы матэрыял. На выставе прадстаўленае відэа «Волга» Аслана Гайсумава (Грозны, Чачня), у цэнтры якога ўласныя ўспаміны аўтара. Яшчэ адным экспанатам з’яўляецца праца Марыны Напрушкінай з праекту “Бібліятэка ўцекача”, адзін з серыі сшыткаў з ілюстрацыямі судовых працэсаў па заявах на атрыманне прытулку ў Нямеччыне.

 
Акрамя агульнага азнаямлення з сітуацыяй у Брэсце адной з галоўных мэтаў праекту з’яўляецца прыцягненне ўвагі да праблемы і спрыянне ейнаму найхутчэйшаму вырашэнню.

 
У выставе бяруць удзел Аляксандр Васюковіч, Аслан Гайсумаў, Марына Напрушкіна, Максім Сарычаў і Аляксей Талстоў. Асобна прадстаўленая дакументацыя працы валантэраў “Human Constanta”, іх гуманітарнай і праваабарончай дзейнасці.

 
Куратары: Ілона Дзяргач, Аляксей Талстоў