Медыязіма, медыявясна…

Частка гэтай працы была паказаная на выставе One can not be to careful у галерэі Lock In, Брайтан, Вялікабрытанія. Выстава была прысвечаная тэме цэнзуры і самацэнзуры ў мастацтве.

 
Праект быў створаны ўвесну 2014 году, як спроба аналізу рэфлексій на падзеі ва Ўкраіне з перспектывы супольнасьцяў Мінску, дзе гэтыя падзеі перадусім успрымаліся праз мас-медыі і сацыяльныя сеткі. Такая дыстанцыйная ўцягнутасць з аднаго боку і паралелі паміж беларускім і ўкраінскім кантэкстам з іншага спарадзілі заклапочанасьць і напружаньне ў беларускім грамадстве. Нягледзячы на дзеючае заканадаўства, валянтэры выязджалі ў Кіеў і пазьней на фронт ваяваць за адзін ці іншы бок канфлікту. Так ці інакш падзеі зімы і вясны 2014 у асноўным успрымаліся беларускім грамадствам дыстанцыйна.

 
Такія рэфлексіі пацягнулі за сабой ідэю стварэньня эсэю. Ён улучаў у сябе тэкст, дакументы, артэфакты, знойдзеныя аб’екты, цытаты з навінаў зьвязаныя з тэмай канфлікту. У той жа час такі падыход дазваляў захаваць дыстанцыю няўцягнутасьці.

 
“Медыязіма, медыявясна…” была прапанаваная для караткатэрміновага экспанаваньня ў галерэі сучаснага мастацтва Ў у Мінску ў чэрвені 2014. Нягледзячы на пазітыўную рэакцыю ад кіраўніцтва галерэі, было прынятае рашэньне адкласьці выставу на нявызначаны тэрмін праз палітычную сітуацыю ў краіне. Перамовы праходзілі напярэдадні Дня Незалежнасьці і пасьля Чэмпіянату сьвету па хакеі, які адзначыўся прэвентыўнымі затрыманьнямі грамадскіх актывістаў.

 
З лета 2014 многія кампаненты эсэю былі страчаныя, тэкставая частка так і засталася незавершанай. У сакавіку 2017, падчас хвалі пратэстаў у Беларусі, улады запусьцілі хвалю рэпрэсій у дачыненьні да актывістаў і палітычнай апазіцыі. Да 25 сакавіка, калі была запланаваная масавая дэманстрацыя ў сталіцы, сотні людзей былі затрыманыя. Суды скончыліся штрафамі і кароткатэрміновымі арыштамі. Па факце арганізацыі масавых беспарадкаў была адкрытая крымінальная справа ў дачыненьні 28 асобаў. У многіх дамах прайшлі вобшукі. Падчас гэтых падзеяў было прынятае рашэньне пазбавіцца аднаго з апошніх кампанентаў эсэю, трэснутай бейсбольнай біты, якая была часткай інсталяцыі.