Межы Іншага

 

Глабалізацыя паскорыла хуткасці перадачы інфармацыі і значна развіла транспартныя сувязі, надала чалавеку невядомай дагэтуль мабільнасці. Па звестках ААН, сёння ў свеце налічваецца 244 мільёны мігрантаў. Прычыны для пераезду могуць быць розныя: уласнае жаданне ці неспрыяльныя абставіны – эканамічныя, прававыя, экалагічныя. Вайна. Некаторыя рэгіёны ператварыліся ў зоны перманентных вайсковых канфліктаў.

 
Абвастрэнне праблемы ўцекачоў у краінах Еўрапейскага саюза выклікана збольшага грамадзянскай вайной у Сірыі, хоць і не варта пакідаць па-за ўвагай іншых мігрантаў з Азіі і Афрыкі. Уздоўж межаў аб’яднанай Еўропы паўстаюць платы. Усё часцей можна пачуць меркаванне, што крызіс шмат у чым справакаваны каланіяльнай палітыкай Захаду, але якімі б ні былі прычыны, на сённяшні дзень мільёны людзей вымушаны шукаць прытулку там, дзе іх не заўжды чакаюць. Прыхільнікі так званай ІДІЛ і іншыя радыкальныя фундаменталісты акрамя адкрытых баявых дзеянняў ладзяць тэрарыстычныя атакі ў іншых рэгіёнах, у тым ліку ў краінах ЕС і ЗША. Разам з наплывам уцекачоў такая сітуацыя выклікае страх, спрыяе буянню нацыяналізму і росту папулярнасці правых партый.

 
Сітуацыя на Бліжнім Усходзе не аказала вялікага прамога ўплыву на Беларусь. Гэта тэма гучыць здалёк, прыходзіць з чарговымі замежнымі навінамі. Разам з тым анэксія Крыма Расіяй і агрэсія ва Ўкраіне значна паўплывала на настроі грамадзян. Акрамя выбару геапалітычных арыенціраў беларусы ўпершыню ад набыцця незалежнасці сутыкнуліся з такой вялікай хваляй мігрантаў, уцекачоў з Данбаса. У той жа час вайна натуральным чынам справакавала насцярожанасць наконт шчырасці Масквы ў сваіх дэкларацыях міру і братэрства, палярызавала грамадства, прымусіла ўрад да адпаведных захадаў.

 
Асновай для працы над гэтай выставай сталі ўяўленні пра беларускую талерантнасць, якія сёння праходзяць праверку. Сфарміраваныя на аснове гістарычнай мультыкультурнасці, падмацаванай стагоддзямі мірнага суіснавання розных дыяспар, ці працуюць яны сёння? Цягам апошніх пяці гадоў міграцыйны прырост у Беларусі склаў больш за 65 тысяч чалавек, але ці з’яўляецца грамадства сапраўды адкрытым, пазбаўленым нецярпімасці і ксенафобіі, у якім паважаюцца правы ўсіх незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, веравызнання, гендару? Ці не маем мы справу з культурным стэрэатыпам, на які доўгі час не было магчымасці паглядзець крытычна праз адсутнасць судачыненняў з Іншым?

 
Рыхтуючы выставу, мы імкнуліся працаваць з лакальным, уздымаць найбольш актуальныя на наш погляд пытанні, супастаўляць іх з тымі, якія ставяцца ў агульнаеўрапейскім і глабальным кантэкстах. Важным момантам, які варта падкрэсліць, з’яўляецца адсутнасць ва ўдзельнікаў групы досведу, суадноснага з тым, які атрымліваюць вымушаныя мігранты і ўцекачы. Таму ў аснове гэтых работ ляжыць перадусім аналіз плыні медыйнай інфармацыі, з якой мы сутыкаемся штодня, аналіз дакументаў і статыстыкі, а таксама асабістых сітуацый.

 
Гэта выстава – дэбютны праект групы “Вера”, якая сфарміравалася ў чэрвені 2016-га і яднае мастакоў і культурных работнікаў Веру Залуцкую, Аляксея Навумчыка, Антона Сарокіна і Аляксея Талстова.

 
Выканаўчы куратар Аляксей Талстоў