Унутраны медытатыўны сіт-ін

Унутраны медытатыўны сіт-ін – каектыўная практыка рэлаксацыі і канцэнтрацыі, якая працуе з успрыманьнем і ўяўленьнем. У час перманентнай лічбавай стымуляцыі сьвядомасьці праз сеткі сувязі, чалавечае ўспрыманьне скіраванае ў інтэрфейсы і захопленае алгарытмамі. Такая повязь ізалюе сьвядомасьць ад асяродку і блякуе ўзаемадзеяньне зь іншымі відамі, што ў вялікай ступені абумоўлівае Антрапацэн і Глябальную экалагічную катастрофу. У такой сітуацыі практыка кіраванай медытацыі – гэта сродак для вяртаньня ўвагі ўдзельніц і ўдзельнікаў да іх фізычных целаў, успамінаў і ўяўленьня. Прапанаваны наратыў, які разгортваецца падчас практыкі, улучае адсылкі да міфалогіі і філязофіі, цытаты з розных аўтараў, якія працуюць з тэмамі лічбавых тэхналёгіяў, акселерацыі, сьвядомасьці і экалёгіі. Таксама некаторыя ўлучаныя фрагменты адсылаюць да асабістай гісторыі расказчыка.